ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР,

вандроўная трупа, тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар. т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст.Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял. Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгаснасаўгасныя т-ры, Трупа У.Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)